ЧЫ́НШАВАЕ ПРА́ВА,

сістэма прававых норм, якія рэгулявалі часовае або бестэрміновае землекарыстанне сялян і мяшчан (чыншавікоў) у феад. грамадстве. Паводле Ч.п. феадалы-землеўласнікі перадавалі сваю зямлю ў спадчыннае карыстанне за вызначаную плату — чынш. Землеўласнік не меў права пазбавіць чыншавіка карыстання зямлёй, калі апошні несвоечасова плаціў чынш, аднак мог спагнаць яго ў прымусовым парадку. Феадалы часта павялічвалі чынш, самаўладна ўводзілі дадатковыя паборы і павіннасці (за карыстанне млынамі, мастамі і інш.). Ч.п. ўзнікла ў Зах. Еўропе ў 14—16 ст., з 15 ст. пашырана ў ВКЛ (гл. Чыншавыя сяляне, Чыншавая шляхта). У Рас. імперыі чынш (аброк) захоўваўся да сял. рэформы 1861 і адмены плацяжоў часоваабавязаных сялян у 1883.

т. 17, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)